Популяризация белорусского языка

Белорусский четверг 30.11.2023

Яўгенія Янішчыц… Ясяльдзянка… Палесся мілае дзіця… Яе натхнёная высокамастацкая спадчына вабіць усіх, хто адчувае магію слова і моц чалавечага духу.

20 лістапада споўнілася 75 год з дня нараджэння паэтэсы-чараўніцы Яўгеніі Янішчыц. З нагоды юбілею вучні 9 “В” класа зладзілі літаратурную гасцёўню “Прыедзь у край мой ціхі”, прысвечаную памяці вядомай беларускай паэткі.

Пачатак сустрэчы, якая прайшла за круглым сталом, быў аздоблены пранікнёным і шчырым гучаннем верша-прысвячэння Алены Васілевіч “Памяці Жэні Янішчыц”.

Шчыра і душэўна ліліся з вуснаў рабят жыццёва-праўдзівыя вершы Яўгеніі Янішчыц! “Прыедзь у край мой ціхі”, “А як хацелася цяпла”, “Мой боль – на вышыні святла”, “Ты пакліч мяне. Пазаві…”, “Я пачакаю” – сапраўдны калейдаскоп яскравых эмоцый класічнай беларускай паэзіі.

Напрыканцы сустрэчы гуказапіс песні “Да сустрэчы, белы вецер, сіні дзень…” на словы Яўгеніі Янішчыц у выкананні Таццяны Беланогай стварыў атмасферу цвёрдай упэўненасці ў непадуладнасці нябыту творчай спадчыны беларускай паэтэсы.

Цяплом, дабрынёй і светам была ахутана лірычная споведзь душы “палескай ластаўкі” Яўгеніі Янішчыц. Дзякуй табе, дарагая паэтка, за трапяткую і цудадзейна-мілагучную паэзію!

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Аллянкова Н.В.