Белорусский четверг 23 марта 2023 года
Люблю, спадзяюся, жыву!
(творчая вечарына да 75-годдзя з дня нараджэння Генадзя Пятровіча Пашкова)
Няўжо ў Зямлі,
калыскі чалавецтва,
ад туманоў зраселай,
гэткі лёс –
урэшце стаць
арэнаю калецтва.
салёным морам
роспачы і слёз?
Г. Пашкоў
23 сакавіка адзначае свой 75-гадовы юбілей слынны сын беларускай зямлі, паэт, публіцыст, член-карэспандэнт Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, аўтар больш як дзесяці паэтычых зборнікаў Генадзь Пятровіч Пашкоў.
На Смаргоншчыну яго бацькі прыехалі ў 1953 годзе. У ваколіцах “салаўінай” вёскі Войстам прайшлі яго найлепшыя дзіцячыя і юнацкія гады. Удзячная памяць часта клікала яго сюды, дзе пад вясковымі дахамі чытаюць яго вершы, захоўваюць вершаваныя зборнікі ды энцыклапедычныя выданні, якія пісьменнік шчодра дарыў землякам падчас сваёй працы на пасадзе дырэктара выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі. Ён і сёння часцяком наведваецца ў знаёмыя з дзяцінсва мясціны, дзе чэрпае натхненне і адпачывае душой.
Паэт-рамантык, прызнаны майстар мастацкага слова Генадзь Пашкоў хоць і шмат павандраваў па прасторах жыцця, але ніколі не адцураўся родных ніў, тых мясцін, адкуль пачалася яго дарога ў вялікі свет.
У друку Генадзь Пашкоў выступае з 1967 года. Выдаў зборнікі паэзіі “Кляновік” (1975), “Дыстанцыя небяспекі”(1979), “Гравюры дарог”(1981), “Зямлю слухаю” (1983), “Маналог на кастрышчы” (1986), “Крокі” (1988), “Люблю, спадзяюся, жыву” (1990), “Журавінавы востраў” (1998), ”Тваім святлом благаславёны” (2006).
Сваёй творчасцю Генадзь Пашкоў заўсёды выхоўваў лепшыя чалавечыя якасці ў чытачах. Таму і надалей будзем чакаць яго мудрых твораў і пажадаем паэту ў юбілей натхнення, плёну і ўдзячнага лёсу!
У нашай установе адукацыі з нагоды юбілею Генадзя Пашкова адбылася творчая вечарына для вучняў 7-9 класаў. Гучалі вершаваныя радкі паэта, якія яшчэ раз прымусілі задумацца над сапраўднымі каштоўнасцямі чалалавечага жыцця, над ілюзорнасцю дробнага, нязначнага, асэнсаваць ісціны, што прыносяць радасць і шчасце.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Петрачэнка В.С.